Фэст «Камяніца» узначаляць Onuka, Theodor Bastard і Shuma
Арганізатары фестывалю «Камяніца», які адбудзецца 16 верасня пад Мінскам, абвясцілі музычную праграму. Генеральны партнёр мерапрыемства – ААТ «Банк БелВЭБ».
Разам з раней абвешчанымі ўкраінцамі Onuka хэдлайнерамі фестывалю ў гэтым годзе будуць Theodor Bastard (Расія), Shuma (Беларусь) і The Doox (Украіна). Таксама на галоўнай сцэне выступяць беларускія гурты «Нагуаль», Shaman Jungle і «Варган».
Другая сцэна фестывалю будзе цалкам прысвечана аўтэнтычнаму беларускаму фальклору, які прагучыць у выкананні ансамбляў «Рада», «Мярэжа», «Горынь» і юнай Патрыцыі Свіцінай. Гэта пляцоўка будзе працаваць у перапынках паміж выступамі артыстаў галоўнай сцэны, дазваляючы зрабіць музычную праграму мерапрыемства неперарыўнай.
Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо пад Мінскам (4 кіламетры ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка»). Акрамя музыкі гледачоў чакае вялікі кірмаш народных промыслаў, майстар-класы рамеснікаў, вясковыя забавы, выставы мастакоў і фатографаў.
– «Камяніца» – гэта свята для ўсіх, хто цікавіцца народнай культурай Беларусі і суседніх краін ва ўсіх яе праявах. Чыстая аўтэнтыка і сучасныя інтэрпрэтацыі фолку, у тым ліку аўтарскія творы, для нас аднолькава важныя. Галоўнае – павага да сваёй нацыянальнай культуры, – каментуе вядоўца фестывалю Алег Хаменка.
Усе грошы ад квіткоў ідуць на рахункі музея, дапамагаючы захоўваць унікальную калекцыю аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў, сабраную ў розных рэгіёнах краіны.
Папярэдне квіткі каштуюць да 10 рублёў (дарослы), у дзень фестывалю кошт узнімецца да 15 рублёў (дарослы). Папярэдні продаж у сістэме SMSbilet.by. Для дзяцей дашкольнага ўзросту ўваход бясплатны. Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209 41 63.
***
Onuka (Украіна) – адзін з галоўных сімвалаў сучаснай украінскай музыкі, чый сплаў электронікі, фолку і духавых інструментаў уразіла нават брытанскі New Musical Express. Пасля выступу ў якасці гасцей фінала «Еўрабачання – 2017» у Кіеве запісы гурта апынуліся ў хіт-парадах iTunes у Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Польшчы, Нідэрландах, Даніі, Швецыі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі і Аўстраліі.
Onuka «Megamix» (Еўрабачанне – 2017) – https://youtu.be/Oy5hcamHOBA
Theodor Bastard (Расія) – гурт створаны ў 1996 годзе і з’яўляецца адным з галоўных расійскіх прадстаўнікоў world music. Візітная картка калектыва – голас вакалісткі Яны Вевы, якая таксама з’яўляецца аўтарам шэрагу песень. Акрамя Расіі альбомы Theodor Bastard выдаваліся ў Германіі, Турцыі, Мексіцы ды Аргенціне. Калектыў выступаў на фестывалях у Германіі, Венгрыі, Румыніі, Літве і іншых краінах Еўропы.
Theodor Bastard «Кукушка» – https://youtu.be/Z4e-gbKYfeQ
Shuma (Беларусь) – музыкі называюць свой стыль digital archaica, бо ён яднае беларускія народныя песні і сучасныя электронныя гучанні. Абодва студыйныя альбомы калектыва – «Жніво» (2015) і «Сонца» (2016) – атрымалі высокія адзнакі ад беларускіх і замежных крытыкаў. Акрамя таго яны прынеслі гурту шмат узнагарод, сярод якіх «Альбом года» па версіі Experty.by (2016). У актыве Shuma выступы ў ЗША, Польшчы, Фінляндыі, Украіне, Літве.
Shuma «Рано-рано» – https://youtu.be/IBauV0Tspw4
The Doox (Украіна) – малады этна-рокавы калектыў, вядомы сваімі апрацоўкамі народных песень з розных куткоў Украіны. У іх аднолькава ўдала атрымліваюцца меладычныя балады і дынамічныя нумары. Увясну 2017 музыкі выдалі дэбютны альбом «Дерево». Удзельнікі ўсіх галоўных украінскіх фэстаў, у тым ліку: «Країна мрій», «Трипільське коло», Atlas Weekend.
The Doox «Гриць» – https://youtu.be/eAWmPT75poI
Як даехаць
Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (4 км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка»). Аўтамабільная паркоўка знаходзіцца за межамі музея, веласіпедная – на фестывальнай пляцоўцы.
Даехаць да музея можна таксама на аўтобусах ад мятро «Малінаўка», якія будуць курсіраваць з інтэрвалам 5-10 хвілін. У 11:45 пачнуць працу бясплатныя фестывальныя аўтобусы, у 12.10 – дадатковыя прыгарадныя (кошт квітка – 0,75 руб). Апошні зваротны рэйс з Музея народнай архітэктуры і побыту ў бок Мінска адпраўляецца ў 23:00 – праз гадзіну пасля заканчэння фестывалю.
Удобно, быстро, технологично. Купить билеты на сайте smsbilet.by